АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш. мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн. формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстраная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.

На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр. мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля І0% хворых.

Э.А.Вальчук.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)